ЛІ́ДСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са снеж. 1941 да ліп. 1944 у г. Ліда Гродзенскай вобл. Арганізатары і кіраўнікі М.М.Ігнатаў і А.А.Клімко. Мела 4 групы (35 чал.): на чыг. вузле, электрастанцыі чыг. вузла, у авіярамонтных майстэрнях, ням. ваен. шпіталі; 16 чал. дзейнічалі самастойна. Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, звесткі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі. Наладзіўшы сувязь з партыз. атрадамі «Іскра», «Балтыец» і імя Варашылава, перапраўлялі ім зброю, медыкаменты, друкарскі шрыфт, перадавалі звесткі разведкі. За час акупацыі загінуў 21 падпольшчык. У Лідзе на ўшанаванне памяці падпольшчыкаў устаноўлены помнікі.
т. 9, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)